ДЗЕ́ЯННЕ САЦЫЯ́ЛЬНАЕ,

акт дзейнасці індывід. і калект. суб’екта па пераўтварэнні наяўных грамадскіх адносін у інш. адпаведна яго інтарэсам і мэтам. Дыферэнцыруюцца на эканам., грамадска-паліт., пазнавальныя, камунікатыўна-ідэалаг. (рэліг., эстэт., маральныя і інш.). Вылучаюць Дз.с. рэв., рэфармісцкія, прагрэс., рэакцыйныя, стыхійна-імпульсіўныя, арганізаваныя, дэструктыўныя, навацыйныя і інш. Прадстаўнікі зах. сацыялогіі засяроджваюць увагу на асобасным аспекце Дз.с., дзе ў якасці суб’ектаў разглядаюцца індывіды, якія знаходзяцца ў кантактных міжасобасных адносінах (інтэракцыях). Па асобасных крытэрыях яны падзяляюць Дз.с. на мэтарацыянальныя, каштоўнаснарацыянальныя, афектыўныя, традыцыйныя (М.​Вебер), інтэлектуальныя, экспрэсіўныя, маральныя (Т.​Парсанс), тэлеалагічныя, нормарэгулюючыя, драматургічныя, камунікатыўныя (Ю.​Хабермас). Сацыёлагі А.​Гідэнс, А.​Турэн, П.​Штомпке і інш. прапаноўваюць размежаваць дзейнасць структур (цывілізацый, дзяржаў і г.д.) і сац. індывіда, лічаць, што праблема Дз.с. павінна вырашацца з улікам супярэчлівага ўзаемапранікнення яго структурнага і асобаснага аспектаў, аб’ектыўнага і суб’ектыўнага момантаў грамадскага развіцця. Марксісцкая тэорыя звязвае калект. Дз.с. з аналізам зместу актыўнасці сукупнага суб’екта, яго патрэб і інтарэсаў, мэт ідэалогіі, а таксама сродкаў, спосабаў і вынікаў гэтых дзеянняў.

Літ.:

Социальное действие. Мн., 1980;

Штомпке П. Социология социальных изменений: Пер. с англ. М., 1996.

Ю.​А.​Харын.

т. 6, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)